Старонка:З пушкі на Луну.pdf/425

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чылі на адлегласці 50 кілометраў, гару «Ціхо»; цяжка супярэчыць тым, чые вочы заглядалі ў бяздонні цырка «Платона»… Яны, некаторым чынам, мелі цяпер права дыктаваць свае законы навуцы, што ўзнаўляе лунны свет. Яны маглі сказаць: калі Луна і была светам, заселеным раней Зямлі, то цяпер Луна не заселена і на ёй няма жыцця!

Жадаючы адсвяткаваць зварот шаноўнейшага свайго члена і яго таварышоў, Пушачны клуб рашыў наладзіць банкет, але банкет такі, які быў-бы варты і адважных даследчыкаў, і амерыканскага народа — банкет, у якім маглі-б прыняць удзел усе амерыканцы.

На ўсіх станцыях чыгунак, упрыгожаных аднолькавымі флагамі, расстаўлены былі банкетныя сталы. У пэўны час, па электрычных гадзінніках, якія адбівалі секунды, насельніцтва Злучаных Штатаў запрашалася заняць месцы за гэтымі банкетнымі сталамі. На працягу чатырох дзён, ад 5 да 9 студзеня, усе паязды чыгунак былі прыпынены і ўсе шляхі заставаліся вольнымі, як гэта бывала па нядзелях у Англіі і Амерыцы.

Толькі адзін паравоз, да якога быў прычэплены ганаровы вагон, меў права насіцца па чыгунках Злучаных Штатаў. На гэтым поездзе, акрамя машыніста і качагара, дазволена было, па асобай міласці, змясціцца толькі шаноўнаму сакратару клуба — Мастону.

Ганаровы вагон прызначаўся для старшыні Пушачнага клуба Барбікена, капітана Ніколя і Мішэля Ардана.

Па свістку машыніста поезд пакінуў Балтыморскую станцыю, суправаджаемы ўсімі поўнымі захаплення воклічамі, якія толькі ёсць у амерыканцаў.