Старонка:З пушкі на Луну.pdf/422

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пачулася нейкае рыканне, і шаноўны Мастон раптам паваліўся, як сноп.

Забыўшы, што правая рука была ў яго заменена жалезным крукам, ён з усёй сілы стукнуў сабе па ілбе.

Да вучонага сакратара адразу падбеглі на дапамогу, паднялі яго і прывялі ў прытомнасць.

Якія-ж былі яго першыя словы?

— Разявы! Балваны!

— Што? Хто? Чаму? — ускрыкнулі з усіх бакоў. — Што такое?

— Што такое?!

— Ды растлумачце-ж!

— А тое, дурныя галовы, што снарад важыць усяго толькі восем тон! — прароў запальчывы сакратар.

— Ну, дык што-ж?

— Тое, што ён выцясняе 28 тон вады і, значыцца, павінен трымацца на вадзе!

— А які націск паважаны сакратар зрабіў на слова «трымацца»!..

Паважаны сакратар гаварыў праўду. Выратавальнікі забылі асноўны закон, па якому снарад, захоплены падзеннем у глыб акіяна, павінен быў выплысці на паверхню!..

Снарад спакойна зыбаўся цяпер на марскіх хвалях.

Адразу-ж спусцілі на мора шлюпкі, у адну з іх кінуўся Мастон і яго прыяцелі.

Хваляванне дасягнула вышэйшай ступені.

Шлюпкі пад’язджалі да снарада. Настала мёртвая цішыня. Адно акно снарада было адчынена. Асколкі шкла, якія засталіся ў адтуліне, паказвалі, што акно было пабіта.