Старонка:З пушкі на Луну.pdf/421

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Таксама дарэмна шукалі 25-га і 26-га снежня.

Можна было прыйсці ў роспач. Няшчасныя вязні снарада былі ўжо ў ім, як у турме, 26 дзён… Што з імі?

Можа яны ўжо задыхаюцца!

28-га снежня, пасля двухдзённых пошукаў, усякая надзея была страчана.

Трэба было адмовіцца ад бескарысных пошукаў, — гэтага патрабавала разважнасць.

Мастон і слухаць не хацеў аб звароце. Ён настойваў на тым, каб знайсці магілу сяброў.

Але капітан Блемсберы не мог далей заставацца і, не гледзячы на лямант сакратара Пушачнага клуба, загадаў рыхтавацца да адплыцця.

29-га снежня, а дзевятай гадзіне раніцы, карвет зноў рушыў да заліва Сан-Францыско.

Ён ішоў не асабліва хутка, нібы з жалем пакідаючы фатальнае месца.

Раптам, каля 10 гадзін раніцы, матрос, назірзючы за морам, крыкнуў:

— Буй пад ветрам!

Усе вочы і падзорныя трубы накіраваліся да паказанага напрамку. Заўважаны прадмет быў падобны на буй, якія ставяцца ў праходах заліваў або рэк.

Але — невытлумачаная дзіўнасць! — на версе гэтага буя развяваўся флаг.

Буй блішчэў на сонцы, нібы сцены яго былі зроблены з срэбра.

Капітан Блемсберы, Мастон і ўсе, хто мог, паўзбіраліся на мосцік і прагна ўглядаліся ў гэты зыбаючы на хвалях прадмет.

Карвет падыходзіў усё бліжэй, бліжэй і бліжэй.

Флаг быў амерыканскі!