Старонка:З пушкі на Луну.pdf/410

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Блемсберы і Бронсфільд увайшлі ў бюро, а натоўп застаўся каля дзвярэй. Праз некалькі хвілін пасланы былі чатыры тэлеграмы: сакратару флота ў Вашынгтон, віцэ-прэзідэнту Пушачнага клуба ў Балтымору, паважанаму Мастону ў Лонгспік, на Скалістыя горы, і памочніку дырэктара Кембрыджскай абсерваторыі.

Тэлеграмы былі такога зместу:

Пад 27°7’ паўноч. шыр. і 41°37’ заход. даўг., гэтага 12 снежня, у гадзіну 17 мін. раніцы, снарад калумбіяды ўпаў у Ціхі акіян. Прышліце інструкцыі.

Блемсберы, капітан „Сускеганы“.

Праз пяць мінут увесь горад ужо ведаў навіну. Да шасці гадзін вечара ўжо ведалі і ўсе штаты саюза, а пасля паўночы падводны тэлеграф перадаў яе Еўропе.

Зразумела, вестка ўсюды ўзбуджала вялікае хваляванне.

Атрымаўшы тэлеграму, сакратар флота тэлеграфаваў капітану загад чакаць далейшых распараджэнняў у заліве Сан-Францыско і быць гатовым да выхаду ў мора.

Члены Кембрыджскай абсерваторыі сабраліся на надзвычайны сход і са стрыманасцю, уласцівай вучоным карпарацыям, пачалі спакойна абмяркоўваць пытанне з навуковага пункту гледжання.

У Пушачным клубе пачалося страшэннае замяшанне. Усе артылерысты былі ў зборы. Калі прышла тэлеграма ад капітана Блемсберы, шаноўны віцэ-прэзідэнт клуба чытаў тэлеграму, пасланую Мастонам і Бельфастам, якія паведамлялі, што яны бачылі снарад у гіганцкі тэлескоп.

Акрамя таго, у тэлеграме было сказана, што