Старонка:З пушкі на Луну.pdf/405

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дослед удасца, то, без сумнення, яго паўтораць. Справа-ж толькі ў снарадзе ды ў пораху; значыць, кожны раз, як толькі Луна будзе праходзіць праз зеніт, у яе можна будзе стрэльнуць… наведвальнікамі.

— Паглядзім яшчэ, ці не накіруецца Мастон днямі ў госці да сваіх прыяцеляў на Луну, — сказаў лейтэнант.

— Няхай толькі скажа слова, і я з радасцю палячу разам з ім, — усклікнуў мічман.

— О, у ахвотніках паляцець недахопу не будзе, — засупярэчыў Бронсфільд, — толькі пусці, дык палова насельнікаў Зямлі эмігрыруе на Луну!

Гутарка цягнулася амаль да гадзіны ночы. Нельга сабе ўявіць, як разыгралася ва ўсіх выабражэнне. Пасля спробы Барбікена для амерыканцаў усё здавалася лёгкім для выканання. Будаваліся планы аб накіраванні на Луну не толькі камісій вучоных, але цэлай калоніі да селеніцкіх берагоў — цэлай арміі з пяхотай, артылерыяй і кавалерыяй для заваявання ўсяго луннага свету.

К гадзіне ночы падняцце лота яшчэ не было закончана. Заставалася невыцягнутых тры тысячы метраў, і на гэта выцягванне патрабавалася некалькі гадзін.

Па распараджэнню капітана пара была ўжо разагрэта. «Сускегана» магла адходзіць безадкладна.

У гэту хвіліну — у 1 гадзіну 17 мінут ночы — лейтэнант Бронсфільд хацеў быў пайсці ў сваю каюту, як раптам увага яго была прыцягнута аддаленым свістам.

Лейтэнант і яго таварышы спачатку падумалі, што гэта свіст пары, але, падняўшы галаву, упэўніліся, што свіст адбываўся ў аддаленых слаях паветра.