Старонка:З пушкі на Луну.pdf/403

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на юце. Пры з’яўленні Луны думкі іх накіраваліся да гэтага свяціла, на якое тады звернуты былі вочы цэлага паўшар’я.

Найлепшыя марскія трубы не маглі знайсці снарада, які абарачаўся вакол Луны, але ўсё-ж трубы ўсяго свету былі накіраваны на бліскучы дыск, і мільёны вачэй сачылі за ім у гэтую хвіліну.

— Вось ужо дзесяць дзён, як яны паляцелі, — сказаў лейтэнант Бронсфільд. — Дзе яны цяпер?

— Прыбылі на месца прызначэння, — усклікнуў малады мічман, — і гуляюць там!

— Не сумняваюся ў праўдзівасці вашых слоў, — адказаў, усміхаючыся, лейтэнант.

— Сапраўды, сумнявацца ў гэтым нельга, — заўважыў другі афіцэр. — Снарад павінен быў дасягнуць Луны к поўніку, 5-га снежня, а поўначы. Цяпер у нас 11-е снежня, гэта складае шэсць дзён. А за шэсць сутак ёсць магчымасць устроіцца вельмі камфартабельна на новым месцы. Мне здаецца, я бачу нашых адважных землякоў, як яны там размясціліся дзе-небудзь у глыбіні даліны, на беразе ручая, каля снарада, што ўвайшоў напалавіну ў зямлю; я бачу, як Ніколь аглядае мясцовасць, Барбікен начыста перапісвае свае запісы, а Мішэль Ардан напаўняе лунныя пустыні араматам сваіх выдатных цыгар.

— Так! так! Гэта так, іменна так! — усклікнуў мічман.

— Хацеў-бы я гэтаму верыць, — сказаў лейтэнант Бронсфільд. — На жаль, няма ніякіх вестак з Луны!

— Выбачайце, лейтэнант, хіба Барбікен не можа адтуль напісаць? — засупярэчыў мічман.

Усе засмяяліся.

— Не пісьмо, — са жвавасцю падхапіў мічман, — не пісьмо! Пошта тут не прычым.