Старонка:З пушкі на Луну.pdf/401

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Гэтыя вялікія глыбіні вельмі нязручныя для правядзення тэлеграфных кабеляў. Роўная мясцовасць, па якой пракладзены амерыканскі кабель між Валенсіяй і Н’ю-Фаундлендам, многа лепшая.

— Згодзен, Бронсфільд. А што, вы многа зрабілі?

— У даную хвіліну ў нас высукана ўжо шэсць з лішнім тысяч метраў тросу, а ядро, якое цягне лот, яшчэ не дастала дна, таму што тады лот сам па сабе ўсплыў-бы наверх.

— Вельмі дасканалы снарад! Малайчына Брук, што яго прыдумаў. Гэты снарад дазваляе вельмі дакладна вымяраць глыбіню.

— Дасталі дна! — крыкнуў адзін з назіраўшых за аперацыяй прамеру.

Капітан і лейтэнант пайшлі на карму.

— Ну што, якая глыбіня? — спытаў капітан.

— Шэсць тысяч пяцьсот трыццаць метраў, — адказаў лейтэнант, запісваючы гэту лічбу ў сваю запісную кніжку.

— Добра, Бронсфільд, я таксама адзначу гэта. Цяпер загадайце выцягнуць лот. Тут работы на шмат часу. Механік, між тым, няхай загадае падрыхтаваць паравую машыну, і, як толькі вы закончыце, мы будзем, значыць, гатовы к ад’езду. Ужо дзесяць гадзін вечара, і я, з вашага дазволу, пайду спаць.

— Ідзіце, ідзіце, — адказаў міла лейтэнант.

—Капітан «Сускеганы» — добры хлапец і найпакорнейшы слуга сваіх афіцэраў — пайшоў у сваю каюту, выпіў грогу, за які нагаварыў буфетчыку розных кампліментаў, лёг спаць, расхваліўшы слугу за ўменне слаць пасцель, і заснуў багатырскім сном.