Старонка:З пушкі на Луну.pdf/400

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А? — спытаў Ардан. — На Луну?

— На Зямлю!

— Чорт вазьмі! — закрычаў Мішэль, але тут-жа дадаў філасофскім тонам: — Справа! Улазячы ў гэты снарад, мы не вельмі спадзяваліся з яго выбрацца!

Страшнае падзенне пачыналася. Скорасць, якую снарад яшчэ захаваў, пацягнула яго за мёртвую кропку. Узрыў ракет не здолеў змяніць яго напрамку.

І гэты напрамак цягнуў цяпер снарад да Зямлі, прытым з хутка ўзрастаючай скорасцю, з прычыны бесперапыннага павелічэння зямнога прыцяжэння.

Страшнае падзенне! Падзенне з вышыні каля 360 тысяч кілометраў; падзенне, якога нішто не магло аслабіць.

Снарад павінен быў ударыцца аб Зямлю са скорасцю, роўнай той, якую ён меў пры сваім узлёце.

— Мы загінулі! — сказаў холадна Ніколь.

— Ну што-ж, няхай, — адказаў Барбікен з нейкім энтузіязмам. — Для навукі хіба нельга памерці?


РАЗДЗЕЛ ХХ

Прамеры „Сускеганы“

— Ну што, лейтэнант, як ідуць прамеры?

— Мяркую, справа падыходзіць к канцу, — адказаў лейтэнант Бронсфільд. — Але хто-б мог чакаць, што так блізка ад сухазем’я ёсць такая глыбіня: усяго ў 400 кілометрах ад амерыканскага берагу!

— Сапраўды, тут вялізная ўпадзіна, — сказаў капітан Блемсберы. — У гэтым месцы, мабыць, знаходзіцца якая-небудзь падводная даліна.