Старонка:З пушкі на Луну.pdf/396

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Зразумела, — адказаў Ардан.

— Дык пачакайце. Пад нейкім невытлумачальным уплывам снарад пачынае паварочвацца дном да Зямлі. Вельмі магчыма, што ў пункце роўнага прыцяжэння яго канічная вяршыня накіруецца проста да Луны. Тады, можна спадзявацца, скорасць яго будзе вельмі нязначнай, і тады іменна настане час дзейнічаць: узрыў ракеты можа, бадай, здзейсніць простае падзенне снарада на Луну.

— Брава! — усклікнуў Мішэль.

— Будзем цярпліва чакаць, — казаў далей Барбікен. — Трэба ўсё размясціць так, каб ад усяго мець карысць. Упадаць у роспач, па-мойму, няма чаго! Я пачынаю верыць, што мы дасягнем мэты.

Гэта заключэнне выклікала ў Ардана радасныя воклічы.

Яны нібы забылі аб тым, што самі-ж нядаўна рашылі пытанне аб незаселенасці Луны, і імкнуліся на гэтую незаселеную Луну!..

Заставалася рашыць яшчэ пытанне: у які іменна момант снарад дасягне пункта роўнага яго прыцяжэння Зямлёй і Луной, дзе падарожнікі, так сказаць, паставяць апошнюю стаўку ў страшнай гульні?

Каб вылічыць гэты момант, Барбікену варта было толькі прагледзець свае дарожныя запісы і вызначыць розныя вышыні, узятыя на лунных паралелях.

Барбікен вылічыў, што пункта роўнага прыцяжэння яны дасягнуць роўна ў гадзіну ночы з 7 на 8 снежня. Значыць, калі нішто не парушыць правільнага ходу снарада, ён дасягне гэтага пункта праз дваццаць дзве гадзіны.

Першапачаткова ракеты былі прызначаны для таго, каб аслабіць падзенне снарада на Луну, а ця-