Старонка:З пушкі на Луну.pdf/395

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

меецца, эліптычная, — сказаў Барбікен. — Але ў эліптычных арбітах прыцягваючае цела заўсёды займае адзін з фокусаў эліпса. Спадарожнік, значыць, у пэўную хвіліну знаходзіцца ў найбольш блізкай, а ў другую — у найбольш далёкай адлегласці ад свяціла, вакол якога абарачаецца. Інакш кажучы, калі снарад застанецца спадарожнікам Луны, ён будзе рухацца да свайго «апаселена», аддаляючыся ад яе, і да свайго «перыселена», набліжаючыся да яе. У апошнім выпадку снарад павінен дасягнуць найбольшай скорасці, калі будзе пераходзіць цераз «перыселен», а ў першым выпадку — найменшай, дасягнуўшы «апаселена».

Словы Барбікена былі раптоўна перарваны крыкам Ардана.

— Якія мы разявы!

— Не буду гэтага абвяргаць, — адказаў Барбікен, — але за што іменна ты нас так велічаеш?

— Ды ў нас-жа ёсць сродак, і сродак вельмі просты, паменшыць гэту скорасць, якая аддаляе нас ад Луны!

— Які-ж сродак?

— Выкарыстаць сілу нашых ракет — іх «аддачу»! Яна штурхне ядро назад…

— Ты думаеш? — сказаў Ніколь.

— Сапраўды, мы яшчэ не карысталіся гэтай сілай, — адказаў Барбікен, — але мы яе выкарыстаем.

— Калі? — спытаў Ардан.

— Калі прыдзе час. Заўважце, сябры, што ў тым палажэнні, якое цяпер займае снарад, нашы ракеты могуць змяніць яго напрамак, але разам з гэтым могуць яго аддаліць ад Луны, а не наблізіць да яе. А вы-ж абавязкова жадаеце папасці на Луну?