Старонка:З пушкі на Луну.pdf/384

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ззянне «Ціхо» было да таго нязносным, што Барбікен і яго таварышы вымушаны былі задыміць шкло тэлескопаў газоўкай, каб мець магчымасць прадаўжаць назіранні.

«Ціхо» належыць да сістэмы прамяністых гор, як «Капернік», і сведчыць аб страшнай сіле вулканічных пераваротаў, якім Луна абавязана сваім знешнім выглядам.

У цэнтры гары знаходзіцца кратэр шырынёю ў 87 кілометраў. Яго абкружаюць рады кольцападобных узвышшаў, якія, адходзячы на ўсход і захад, уздымаюцца над раўнінай на вышыню 5 000 метраў.

Гэта, можна сказаць, зграмаджэнне Манбланаў, размешчаных каля агульнага цэнтра і акружаных прамяністым ззяннем.

У поўнік «Ціхо» відаць ва ўсёй сваёй велічнасці, але, таму што ценяў няма, ракурсы перспектывы знікаюць, і здымкі атрымліваюцца белыя. Відаць толькі зграмаджэнне ям, кратэраў, цыркаў, змяшчэнне грэбняў, ад якога кружыцца галава, нібы цэлая вулканічная сетка кінута на гэту наздраватую глебу. Усе ўсплескі цэнтральнага вывяржэння захавалі сваю першапачатковую форму. Крышталізаваўшыся пад уплывам ахаладжэння, яны ўвекавечылі той выгляд, які мела некалі Луна, будучы пад дзеяннем вулканічных сіл.

Хаця адлегласць, якая аддзяляла падарожнікаў ад круглаватых валаў «Ціхо», была вялікая, яны ўсё-ж маглі вызначыць галоўныя дэталі. На самым валу, утвараючы агарожу «Ціхо», горы становяцца адны за аднымі гітанцкімі тэрасамі. Калі-б у глыбіні гэтай упадзіны пабудаваць горад, ён быў-бы непрыступны.