Старонка:З пушкі на Луну.pdf/382

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— «Н’ютон», — сказаў Барбікен, — прадстаўляе сабой самы дасканалы тып круглаватых гор, якім на Зямлі няма ўзораў. Гэтыя кольцападобныя горы даказваюць, што пры ўтварэнні Луны шляхам ахалоджвання адбыліся страшна бурныя перавароты: пад уплывам унутранага агню выпукласці ўзняліся на значную вышыню, а глеба між імі ў той-жа час правалілася намнога ніжэй за ўзровень луннай паверхні.

— Я супроць гэтага не супярэчу, — заўважыў Ардан.

— Праляцеўшы міма «Н’ютона», ядро каля паловы восьмай вечара дасягнула ўпадзіны «Клавіус».

— Зямныя вулканы, — сказаў Барбікен, — у параўнанні з вулканамі Луны, не што іншае, як кратовіны. Кратэры Везувія і Этны маюць ледзь 6 000 метраў шырыні. Самым абшырным на зямным шары цыркам лічыцца Цэйлонскі — шырыня яго 70 кілометраў. А што азначаюць такія размеры ў параўнанні з дыяметрам «Клавіуса», над якім мы цяпер нясемся?

— А якая яго шырыня? — спытаў Ніколь.

— 227 кілометраў, — адказаў Барбікен. — Праўда, гэта самы абшырны цырк, але ёсць шмат іншых, якія маюць дзвесце, сто пяцьдзесят, сто кілометраў.

— Ах, сябры мае! — усклікнуў Мішэль. — Можаце сабе ўявіць, якім было гэта спакойнае цяпер свяціла ночы, калі ўсе кратэры грымелі і вывяргалі патокі лавы, град камення, воблакі дыму і полымя! Вось было відовішча! А цяпер усё заняпала. Па-мойму, Луна прадстаўляе зараз не што іншае, як нікчэмныя рэшткі фейерверка: жартаўніцы, ракеты — усё гэта запалілася і знікла,