Старонка:З пушкі на Луну.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ісці, вы ўбачыце, што за гэты час самі зрабілі поўны абарот вакол сябе, таму што ваша вока паслядоўна абышло ўсе бакі пакоя, і цэнтр стала быў відаць вам з усіх бакоў, хаця вы ўвесь час глядзелі проста перад сабою, не паварочваючы галавы. Ну, вось: сталовая — гэта неба, стол — Зямая, а вы самі былі Луною!» І многія, зразумеўшы, у чым справа, захапляліся прастатой гэтага тлумачэння.

Вяртаючыся да бачымай з Зямлі часткі Луны, трэба для дакладнасці дадаць, што людзі бачаць крыху больш, чым палавіну луннай паверхні. Гэта залежыць ад лібрацыі Луны, г. зн. ад маленькіх яе ваганняў з поўначы к поўдню і з захаду к усходу. З прычыны гэтага зямным назіральнікам адкрываецца ў розны час больш палавіны луннай паверхні, іменна — каля чатырох сёмых яе.

Калі цікаўнасць былых невукаў у астраноміі на гэтым не спынялася, яны маглі прачытаць у дзесятках навуковых журналаў падрабязнае апісанне руху Луны вакол Зямлі. Яны даведваліся тады, што неба, з яго бязлікімі зоркамі, можна параўнаць з велізарным цыферблатам, па якому ходзіць Луна, паказваючы сапраўдны час насельнікам Зямлі; ім растлумачылі, што ад руху Луны залежаць яе фазы, г. зн. розны яе знадворны выгляд; што поўную Луну мы бачым тады, калі яна бывае ў «процістаянні» з Сонцам адносна Зямлі, г. зн. калі Зямля бывае якраз між Сонцам і Луною; што маладзік бывае тады, калі Луна знаходзіцца ў «злучэнні» з Сонцам, г. зн. становіцца між Сонцам і Зямлёй, і, урэшце, што Луна знаходзіцца ў першай ці трэцяй квадры, калі прамыя лініі, што ідуць ад цэнтра Луны да цэнтраў Сонца і Зямлі, утвараюць між сабой прамы вугал.