Старонка:З пушкі на Луну.pdf/379

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РАЗДЗЕЛ ХVІІ

Кратэр „Ціхо“

А шостай гадзіне вечара снарад праносіўся каля паўднёвага полюса на адлегласці менш 60 кілометраў, — на адлегласці, роўнай той, на якой ён набліжаўся да паўночнага полюса. Ён, значыцца, рухаўся па эліпсу.

Падарожнікі зноў увайшлі ў спрыяючую частку сонечных праменняў. Прамяністае свяціла зноў сустрэлі трохразовым «ура». Разам са святлом яно пасылала цеплыню, якая хутка пранікла праз металічныя сценкі снарада. Шкло на вокнах зноў стала празрыстым, — слой лёду знік нібы па чараўніцтву.

Газ, для эканоміі, адразу патушылі.

— Ах, якія слаўныя, жыватворчыя цёплыя праменні! — гаварыў Ніколь. — Пасля доўгай ночы з якой, я думаю, нецярплівасцю чакаюць селеніты з’яўлення дзённага свяціла!

— Так, — адказаў Ардан, нібы цешачыся святлом і цеплынёй, — усё жыццё ў цяпле і святле!

Каб была Зямля «поўная», падарожнікі маглі-б з гэтага пункта яе ўбачыць.

Але Зямля, затануўшая ў сонечным ззяніі, заставалася яшчэ нябачнай.

Іншае відовішча павінна было прыцягваць іх увагу — паўднёвая частка Луны, якую тэлескоп набліжаў да іх на адлегласць не больш адного кілометра.

Яны не адыходзілі ад акон і заўважылі ўсе асаблівасці дзіўнага мацерыка.

Горы «Дэрфель» і «Лейбніц» утвараюць дзве асобныя групы, якія ляжаць амаль на паўднёвым