Старонка:З пушкі на Луну.pdf/377

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— І зробіцца яе спадарожнікам.

— Луной Луны!

— Толькі дазволь табе заўважыць, паважаны дружа, што нам усё-ж не здабраваць, — дадаў Барбікен, — мы ўсё-ж загінем.

— Так, але цяпер ужо мы загінем зусім іншым парадкам, цікавейшым за ранейшы, — адказаў бесклапотны француз са сваёй мілай усмешкай.

Барбікен казаў праўду. Снарад, апісваючы эліптычную арбіту, павінен быў, без сумнення, вечна рухацца вакол Луны, як яе спадарожнік.

Новае свяціла далучалася да сонечнай сістэмы: снарад, заселены трыма жыхарамі, якія хутка павінны былі загінуць ад недахопу паветра…

А затым снарад будзе толькі згаслай мёртвай масай, падобнай на безжыццёвыя астэроіды, якія носяцца ў прасторы.

Падарожнікі суцяшаліся толькі тым, што, нарэшце, пакідаюць гэтую непраглядную цемру і вяртаюцца ў месцы, залітыя сонечным святлом.

—Між тым горы, заўважаныя Барбікенам, усё больш і больш вырысоўваліся на яшчэ цёмнай паверхні Луны.

Гэта былі горы «Дэрфель» і «Лейбніц», якія ўзвышаюцца каля паўднёвага полюса Луны.

Усе горы бачнага паўшар’я былі вымераны з магчымай дакладнасцю. Гэта дакладнасць можа здацца непраўдападобнай, а між тым можна цвёрда сказаць, што вышыня гор на Луне вызначана з не меншай дакладнасцю, чым вышыня гор зямных. Спосаб вызначэння, які найчасцей ужываецца, заключаецца ў вымярэнні ценю ад гор на луннай паверхні, прычым прымаецца пад увагу вышыня сонца над гарызонтам умомант назі-