Старонка:З пушкі на Луну.pdf/376

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нулі іх тут-жа каля акон, шкло якіх ад вялікай пары бесперапынна зацягвалася ледзяной карой.

К вечару Ніколь, узброены тэлескопам, заўважыў на паўднёвым краі Луны і ў напрамку, па якому рухалася ядро, некалькі мігатлівых кропак, якія рэзка выдзяляліся на цёмным фоне неба. Гэтыя кропкі былі падобны на рад востраканцовых вяршынь, профіль якіх абазначаўся хвалістай лініяй. Яны асвятляліся даволі ярка. Тое-ж самае бывае відаць з Зямлі, калі Луна знаходзіцца ў пачатку першай ці ў канцы чацвертай квадры.

Барбікен рашуча сказаў:

— Сонца!

— Што? — запыталі Ніколь і Мішэль Ардан. — Сонца?

— Так, сябры мае, гэта само прамяністае свяціла, якое з процілеглага боку асвятляе верхавіны гор, размешчаныя на паўднёвым краі Луны. Мы, відавочна, набліжаемся да паўднёвага полюса!

— Перамахнуўшы цераз паўночны! — адказаў Мішэль Ардан. — Мы, значыць, абляцім вакол Луны!

— Угадаў, мілы Мішэль.

— Значыць, нам ужо няма чаго баяцца ні гіпербалы, ні парабалы, ні ўсякай іншай нязамкнутай лініі.

— Не, затое можна баяцца замкнутай крывой лініі.

— Якая называецца?

— Эліпсам. Снарад, замест таго каб загубіцца ў міжпланетных прасторах, вельмі магчыма, апіша эліптычную арбіту вакол Луны.

— Вось табе і раз!