Старонка:З пушкі на Луну.pdf/375

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

іменна тую сілу святла — яркасць і бляск, якія заўважаюцца толькі пры гарэнні ў чыстым кіслародзе. Не будзем пэўна пакуль што гаварыць аб існаванні луннай атмасферы.

Але на найвялікшае гора Барбікена лінія, апісваемая снарадам, пацягнула яго прэч ад светлавой кропкі, паказанай вывяржэннем. Не мінула і поўгадзіны, як яны заўважылі гэту кропку, а яна пачынала ўжо знікаць за цёмным гарызонтам.

А праверка гэтай з’явы была-б такім важным фактам для навукі! Яна даказала-б, што з сярэдзіны луннага шара яшчэ не ўся цеплыня знікла. Хто не можа тады паручыцца, што там, дзе існуе цеплыня, не захаваліся расліны — і не толькі расліны, а нават і жывёлы!

Існаванне гэтага дзеючага вулкана, прызнанае бясспрэчным зямнымі вучонымі, утварыла-б, без сумнення, нямала тэорый, якія спрыяюча ўплывалі-б на рашэнне такога важнага пытання, як пытанне аб заселенасці Луны.

Барбікен задумаўся, захапіўся і пачаў марыць аб таямнічым лёсе луннага свету.


РАЗДЗЕЛ ХVІ

Паўднёвае паўшар’е

Была палова чацвертай пасля паўдня.

Снарад ляцеў па крывой вакол Луны.

Ніхто не клапаціўся аб адпачынку, кожны падсцерагаў якую-небудзь з’яву, якая магла-б асвятліць таямніцы іх доследаў.

Каля пяці гадзін Мішэль Ардан раздаў, пад выглядам абеда, некалькі кавалкаў халоднага мяса і скібак хлеба. Падарожнікі хутка праглы-