Старонка:З пушкі на Луну.pdf/374

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Перамена была ў тым, што дно снарада павярнулася да паверхні Луны і, замест таго каб рухацца канічнай часткай уперад, ляцела ўжо бокам. Самая цяжкая частка снарада, яго дно, пачала схіляцца да нябачнага дыска, нібы падаючы на яго.

Значыць, снарад сапраўды падаў? Тады падарожнікі могуць дасягнуць жаданай мэты.

Але не. Назіранні, хаця вельмі недакладныя і няпэўныя, паказалі Барбікену, што снарад не набліжаецца да Луны, а ўвесь час рухаецца каля яе на аднолькавай, відаць, адлегласці.

Гэтыя назіранні былі аснаваны на тым, што Ніколь раптам заўважыў на краю гарызонта, утворанага цёмным дыскам, мігцячае месцейка, якое ніяк нельга было палічыць за зорку, таму што яно паступова павялічвалася. Гэта безумоўна даказвала, што снарад не падае на Луну, а набліжаецца да светлага месцейка.

— Вулкан! — крыкнуў Ніколь. — Дзеючы вулкан! Вывяржэнне ўнутранай лавы Луны! Значыць, Луна яшчэ не зусім застыла!..

— Так, гэта вывяржэнне, — адказаў Барбікен, пільна назіраючы з тэлескопам у руках. — Другому няма чаму тут быць. Гэта вулкан!

— Але-ж для падтрымання гэтага гарэння неабходна паветра! — заўважыў Ардан. — А з гэтага вынікае, што гэта частка Луны абкружана атмасферай.

— Вельмі можа быць, — адказаў Барбікен, — хаця гэта і не складае абсалютнай неабходнасці. У вулкане распадаюцца некаторыя вяшчэствы, і таму ён сам сябе можа забяспечваць кіслародам, выкідваючы полымя ў беспаветраную прастору. Мне нават здаецца, што бачанае намі полымя мае