Старонка:З пушкі на Луну.pdf/373

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

такое-ж падарожжа, дык трэба паехаць пад маладзік.

— Так, — адказаў Ніколь, — каб быў цяпер маладзік, мы бачылі-б гэты нікому невядомы бок Луны ў цудоўным сонечным асвятленні…

— Значыцца, мы не дамыслілі? Што значыць нявопытнасць! — дадаў Мішэль Ардан. — А ты як пра гэта думаеш, Барбікен?

— Вось што я думаю, — адказаў сур’ёзны старшыня Пушачнага клуба. — Калі мы калі-небудзь выправімся ў такое падарожжа, то выправімся іменна ў той-жа самы час і пры тых-жа самых умовах. Дапусцім, што ўдалося-б дасягнуць мэты, — тады было-б куды лепш апусціцца на мацярык, асветлены яркім святлом, чым апынуцца ў баку зусім цёмным. Нябачны-ж бок Луны мы наведалі-б у час нашага падарожжа па луннаму шару. Але, зразумела, трэба перш за ўсё дасягнуць мэты.

— На гэта няма чым супрэчыць, — сказаў Мішэль Ардан. — Як-бы там ні было, а цудоўнейшы выпадак аглядзець другі бок Луны страчаны! Вельмі можа стацца, што насельнікі другіх планет ведаюць многа больш аб сваіх спадарожніках, чым нашы паважанейшыя вучоныя аб спадарожніку Зямлі…

Снарад між тым апісваў у цемры траекторыю, для вызначэння якой не мелася ніякіх даных. Барбікен ніяк не мог рашыць, ці змяніўся напрамак пад уплывам луннага прыцяжэння ці пад уплывам другога якога-небудзь нябеснага цела. Аднак, у адносным палажэнні снарада адбылася перамена, у чым Барбікен пераканаўся каля чатырох гадзін раніцы.