Старонка:З пушкі на Луну.pdf/369

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Луной і нават даволі блізка ад яе, — так блізка, што яна здавалася ім вялізным чорным кругам на небе.

Адлегласць, на якой яны ад яе знаходзіліся, вылічыць не было ніякай магчымасці.

Снарад пранёсся над паўночным полюсам Луны на адлегласці пяцідзесяці кілометраў ці нават таго менш.

Але вось ужо дзве гадзіны, як яны ўвайшлі ў конус ценю, і нельга было вызначыць, ці павялічылася гэта адлегласць ці паменшылася. Не было ніякага пункта апоры, каб вызначыць напрамак і скорасць снарада. Магло здарыцца, што ён аддаліўся ад Луны і хутка павінен быў выйсці з поўнага ценю, а магло быць і тое, што ён да яе наблізіўся і хутка павінен быў наляцець на які-небудзь высокі пік нябачнага паўшар’я, што, зразумела, закончыла-б усё падарожжа…

З гэтай прычыны ўзніклі спрэчкі, і Мішэль Ардан, заўсёды шчодры на тлумачэнні, выказаў думку, што снарад утрымліваецца лунным прыцяжэннем і ўпадзе, нарэшце, на Луну, як падае аэраліт на паверхню зямнога шара.

— І аэраліты не ўсе падаюць на Зямлю, — засупярэчыў Барбікен.

— Але ва ўсякім выпадку цікава было-б ведаць, як трымае сябе ў прасторы наша блукаючая турма. Па якому напрамку яна ляціць?..

— Мне здаецца, тут могуць быць два адказы, — адказаў Барбікен пасля некалькіх хвілін размышлення.

— Якія-ж?

— Снараду прыпадае выбар між двума матэматычнымі крывымі, і, гледзячы па таму, якая ў яго скорасць руху, ён выбера тую ці іншую.