Старонка:З пушкі на Луну.pdf/367

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

39° ніжэй нуля. Але Барбікен прызапасіў тэрмометр, які дае надзвычай нізкія тэмпературы.

Барбікен падрыхтаваўся пусціць яго ў ход.

— Толькі як-жа мы за гэта возьмемся? — запытаў Ніколь.

— Нічога няма лягчэйшага, — адказаў Ардан, які ніколі і нідзе не ведаў перашкод. — Мы хутка адчынім акно, выкінем інструмент; ён паляціць за ядром з прыкладнай пакорлівасцю, а праз чвэрць гадзіны мы гэты інструмент дастанем.

— Рукой? — спытаў Барбікен.

— Рукой, — адказаў Мішэль.

— Ну, мой дружа, не параю: рука твая ад такога страшнага холаду стане ледзяком.

— Няўжо?

— Цябе нібы апячэ раскаленым жалезам. К таму-ж я яшчэ не ўпэўнен, ці сапраўды прадметы, выкінутыя намі з ядра, ляцяць за намі.

— Чаму-ж? — спытаў Ніколь.

— Ды таму, што калі мы ляцім у луннай атмасферы, то якой-бы яна не была рэдкай, усё-ж прадметы гэтыя павінны ад нас адставаць. Цемра перашкаджае нам упэўніцца, ці тут яны, а таму, каб не пазбавіцца тэрмометра, прывяжам яго; такім чынам зручней будзе выцягнуць яго назад.

Парада Барбікена была прынята.

Акно хутка адчынілі, і Ніколь кінуў інструмент, прывязаны на кароткай вяроўцы.

Акно адчынілі ўсяго на адну секунду, але гэтай секунды было дастаткова, каб у снарад уварваўся люты холад.

— Тысячу д’яблаў! — ускрыкнуў Мішэль Ардан. — Тут паспяхова можна замарозіць нават белых мядзведзяў!