Старонка:З пушкі на Луну.pdf/366

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

знішчыў магчымасць назіранняў над тым, што рабілася за снарадам.

Ніколь паглядзеў на тэрмометр і ўбачыў, што ён упаў да семнаццаці градусаў ніжэй нуля!

Барбікен, не гледзячы на сваё жаданне эканоміць, вымушан быў пусціць у ход цеплыню газу. Нізкая тэмпература станавілася нязноснай. Падарожнікі рызыкавалі замерзнуць.

— Ну, мы не можам паскардзіцца на аднастайнасць нашага падарожжа, — заўважыў Ардан. — Што за рознастайнасць, хаця-б у тэмпературы! То нас слепіць яркае святло і мы церпім нязносную спёку, нібы індзейцы ў льяносах, то апускаемся ў непранікальны змрок і мерзнем ад сцюжы не горш за палярных эскімосаў! Сапраўды, скардзіцца няма чаго. Прырода, можна сказаць, стараецца нам данам дагадзіць!

— А якая знешняя тэмпература? — спытаў Ніколь у Барбікена.

— Тая-ж, што і заўсёды ў міжпланетнай прасторы, — адказаў Барбікен.

— Ну, дык, значыцца, цяпер іменна час зрабіць той дослед, якога мы не маглі зрабіць, калі, кажучы паэтычна, купаліся ў сонечных праменнях, — сказаў Ардан.

— Твая праўда, — адказаў Барбікен, — больш зручнага часу, вядома, не выбераш; цяпер мы іменна знаходзімся ў такім палажэнні, што можам як нельга лепш змераць тэмпературу міжпланетнай прасторы.

— Трэба падрыхтаваць тэрмометр, — сказаў Барбікен. — Зразумела, што звычайны тэрмометр не даў-бы ніякіх рэзультатаў пры такіх выключных акалічнасцях. Ртуць замёрзла-б у сваёй трубцы, таму што яна вадкай можа заставацца толькі да