Старонка:З пушкі на Луну.pdf/364

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Колькі цікавых пытанняў можна было-б вырашыць! Колькі здагадак адкрылася-б пры назіранні гэтага паўшар’я. І якая-б была асалода глянуць на свет, дагэтуль недаступны для чалавечага вока!

Але, на найвялікшае нездавальненне нашых падарожнікаў, нябачнае для Зямлі паўшар’е заставалася і для іх нябачным. Адны толькі сузор’і вабілі іх позіркі, і, трэба заўважыць, ніколі астраномы не былі ў такіх спрыяючых умовах для зорных назіранняў.

Нішто, сапраўды, не магло раўняцца з прыгажосцю гэтага зорнага неба. Дыямэнты неба, мігцелі цудоўнейшымі агнямі. Узрок ахапляў небасхіл ад Паўднёвага Крыжа да Палярнай Зоркі.

У гэтай прасторы снарад рухаўся нібы новае свяціла, створанае рукамі чалавека. Сузор’і ззялі ціхім святлом; яны не мігцелі таму, што не было атмасферы, якая слаямі неаднолькавай шчыльнасці і вільготнасці робіць мігценне. Зоры зіхацелі, быццам лагодныя вочы, якія глядзелі ў глыбокі, непранікальны змрок сярод непарушнай цішыні.

Падарожнікі доўга і моўчкі назіралі за зорным небасхілам, на якім вялізны дыск Луны ўтварыў велізарную чорную ўпадзіну.

Але паволі хараство сузірання змянялася цяжкім адчуваннем. Востры холад хутка зацягнуў знутры вокны слоем лёду. Сонца ўжо не грэла сваімі праменнямі ядро, і каюта паволі траціла сабраную ў ёй да таго цеплыню. Гэтая цеплыня праз выпрамяненне хутка рассейвалася ў прасторы. У снарадзе адбылося эначнае паніжэнне тэмпературы. З прычыны гэтага ўнутраная вільгаць пры сутыканні са шклом ператваралася ў лёд. Хутка слой лёду