Старонка:З пушкі на Луну.pdf/360

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

часны момант, не карыстаецца магчымасцю бачыць нават ззяючую Зямлю на працягу ўсёй сваёй чорнай ночы. Калі-б так было на Зямлі, калі-б Еўропа, напрыклад, ніколі не бачыла Луны, калі-б яе маглі бачыць толькі антыподы Еўропы, то ўявіце сабе здзіўленне еўрапейца, які заехаў, дапусцім, у Аўстралію!

— Тады, значыць, трэба было-б ехаць у Аўстралію для таго толькі, каб убачыць Луну? — спытаў Мішэль. — Пэўна, знайшлося-б многа ахвотнікаў на гэта падарожжа.

— Вось іменна такое-ж здзіўленне, — сказаў старшыня Пушачнага клуба, — павінен адчуць селеніт, з’явіўшыся з той часткі Луны, якая процілегла Зямлі і ніколі не відна нашым «землякам».

— А мы маглі-б яго ўбачыць, гэты бок, калі б прыбылі сюды ў часе поўніка, г. зн. пятнаццаццю днямі пазней, — дадаў Ніколь.

— Акрамя таго, — казаў далей Барбікен, — сама прырода спрыяе жыхарам бачнай часткі Луны, на шкоду іх антыподам. На долю селенітаў нябачнай часткі выпалі, як бачыце, ночы ў трыста пяцьдзесят чатыры гадзіны, ночы, цемра якіх не спыняецца нават адсветам Зямлі. У другіх-жа зусім інакш: ледзь толькі Сонца, якое свяціла ім падрад пятнаццаць дзён, схаваецца за гарызонт, як ўжо на процілеглым баку неба з’яўляецца бліскучае свяціла — Зямля, дыск якой у трынаццаць разоў большы за дыск Луны, а значыцца, дае і святла ў трынаццаць разоў больш; прытым-жа яе святло не памяншаецца ад уплыву атмасферы, таму што на Луне атмасферы няма. І гэта Зямля сойдзе з луннага гарызонта толькі ў тую хвіліну, калі на ім, з процілеглага боку, зноў з’явіцца Сонца.

— Як! — усклікнуў Мішэль.