Старонка:З пушкі на Луну.pdf/356

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пасрэдна не асвятляюцца сонечнымі праменнямі, пануе абсалютная цемра. Калі жыхар Луны закрые вочы ад сонечных праменняў, неба здасца яму зусім чорным, а зоры будуць ззяць перад ім, як ў самыя цёмныя ночы.

Можаце сабе ўявіць, якое ўражанне зрабіла на Барбікена і яго сяброў такое відовішча! Вочы ў іх разбягаліся. Яны не здольны былі улаўліваць адносныя размеры розных мясцовасцей. Зямны пейзажыст не мог-бы намаляваць ні аднаго з лунных ландшафтаў, таму што яны не змякчаліся адценнямі поўсвятла: проста нейкія чарнільныя плямы на белым фоне.

Гэты від не змяніўся нават і тады, калі снарад быў на адлегласці ста кілометраў ад Луны. Каля пяці гадзін раніцы ён праімчаўся менш чым на пяцьдзесят кілометраў ад верхавіны адной гары, — у тэлескопе гэтая адлегласць здавалася ў поўкілометра. Таго і глядзі, за Луну можна было ўчапіцца рукамі. Непраўдападобным здавалася дапускаць, што ядро не зачэпіць яе крыху пазней каля паўночнага полюса, бліскучы грэбень якога ўжо ярка вырысоўваўся на чорным небе. Неўтаймаваны Мішэль ужо выказваў жаданне адчыніць акно і выкінуцца на Луну. Падзенне з вышыні 50 кілометраў — не жартачкі!

А шостай гадзіне раніцы паказаўся і лунны полюс. У гэты час падарожнікам была відаць толькі адна, ярка асветленая частка луннага дыска, другая знікла ў цемры. Снарад перайшоў граніцу, якая аддзяляла ярка асветленую частку ад абсалютна цёмнай, і ў адзін міг апусціўся ў непранікальную цемру.