Старонка:З пушкі на Луну.pdf/354

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

не мела ў сабе ніякай пары, якая магла-б колькі-небудзь перашкаджаць назіранням. Ды, акрамя таго, Барбікен быў цяпер на такой блізкай адлегласці ад Луны, якой не маглі даць нават такія сільныя тэлескопы, як інструменты Джона Роса і Скалістых гор. Выходзіць, ён меў самыя спрыяючыя ўмовы для вырашэння важнага пытання: існуюць селеніты ці не? Яснага адказу старшыня Пушачнага клуба яшчэ не атрымаў. Ён бачыў перад сабою толькі пустынныя раўніны і ланцугі голых гор. Нідзе і нішто не нагадвала аб магчымым жыцці, Усюды былі руіны, да якіх, відаць, не дакранулася рука чалавека. Нідзе ніякага руху, ні слядоў расліннасці. З трох царстваў, якія складаюць прыроду нашага зямнога шара, на Луне панавала толькі царства мінералаў.

— Вось табе на! — сказаў Мішэль Ардан з выглядам некаторага замяшання, — няўжо там і сапраўды нікога няма?

— Так, — адказаў Ніколь, — прынамсі да гэтага часу не відаць ні людзей, ні жывёл, ні раслін. Аднак, атмасфера, можа, і сапраўды хаваецца ў цяснінах, унутры цыркаў, або нарэшце, на процілеглым ад нас паўшар’і; значыцца, рабіць канчатковыя вывады яшчэ не варта.

— Вядома, — заўважыў Барбікен, — што самае зоркае вока не можа ўбачыць чалавека на адлегласці больш сямі кілометраў. Значыцца, калі і дапусціць існаванне селенітаў, яны бачаць наша ядро, а мы іх бачыць не можам.

К чатыром гадзінам раніцы толькі 600 кілометраў аддзялялі нашых герояў ад Луны. З левага боку цягнуўся горны ланцуг самых дзівосных абрысаў, заліты яркім святлом сонечных праменняў. З правага, наадварот, паглыблялася чорная ўпадзіна,