Старонка:З пушкі на Луну.pdf/350

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэтыя зялёныя колеры ад расліннасці, якая падтрымлівалася шчыльнай і нізкай атмасферай, або ад чаго-небудзь іншага — гэтага цвёрда сказаць ён не мог.

Вось яшчэ адна асаблівасць луннага дыска, прычыну якой яму таксама не ўдалося даклада высветліць.

Мішэль Ардан, будучы ў час назіранняў каля Барбікена, заўважыў доўгія белыя лініі, ярка асветленыя сонечнымі праменнямі. Гэта было зусім не падобным на нядаўняе ззянне «Каперніка». Яны цягнуліся паралельна адна адной.

Самаўпэўнены Мішэль, як і заўсёды, адразу выказаў сваю думку.

— Ба! Глядзі-тка! Вунь апрацаваныя палі! — сказаў ён смела, ніколькі не запінаючыся.

— Апрацаваныя палі? — паўтарыў Ніколь, паціскаючы плячыма ад здзіўлення.

— Прынамсі ты бачыш, яны ўзараны, — казаў далей Мішэль з поўнай сур’ёзнасцю. — Якія-ж, аднак, добрыя земляробы гэтыя селеніты! Ды і ў плугі яны, пэўна, запрагаюць валоў якой-небудзь гіганцкай велічыні, — без гэтага-ж такіх велічэзных барознаў і не прагоніш!

— Ты не адгадаў, мілы сябра, — засупярэчыў Барбікен, — барозны гэтыя зроблены не плугам.

Барбікен тут-жа расказаў таварышу ўсё, што ён сам ведаў аб іх. Ён ведаў, што барозны гэтыя былі заўважаны ва ўсіх тых частках луннага дыска, дзе няма гор, што яны маюць ад 15 да 200 кілометраў у даўжыню і што шырыня іх бывае ад тысячы да тысячы пяцісот метраў; краі іх заўсёды паралельныя.

Але аб іх паходжанні і ўласцівасцях ён не ведаў абсалютна нічога.