Старонка:З пушкі на Луну.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

супадзе найменшая адлегласць Луны ад Зямлі з прахаджэннем яе праз зеніт зямнога назіральніка.

Пры гэтым Совет Кембрыджскай абсерваторыі аддае сябе ў поўнае распараджэнне членаў Пушачнага клуба для вырашэння ўсякіх астранамічных пытанняў і гэтым пісьмом далучае свае віншаванні Пушачнаму клубу да віншаванняў усёй Амерыкі.

За членаў Совета
Дж. М. Бельфаст.“



РАЗДЗЕЛ V

Аб тым, чаго немагчыма стала не ведаць у Злучаных Штатах

Прапанова Барбікена раптоўна ўзняла ва ўсіх Штатах самую жывую цікавасць да астранамічных пытанняў. Кожны шчыры янкі палічыў абавязкам старанна ўзяцца за іх вывучэнне. Магло здацца, што Луна ўпершыню з’явілася на зямным гарызонце, што раней ніхто не бачыў, не назіраў за ёю. Луна ўвайшла, так сказаць, у моду; яна, без шкоды для свайго скромнага выгляду, стала ільвом сезона і заняла — без усякага, між іншым, гонару — першае месца сярод астатніх артыстычных свяціл сезона. Газеты зараз пачалі частаваць сваіх чытачоў старадаўнімі анекдотамі аб Луне.

Успомнілі і ўсе забабоны, звязаныя з іменем Луны. Газеты апявалі яе на ўсе лады, пісалі аб ёй на ўсе лады; збіралі крылатыя славечкі аб Луне; асабліва вялікі попыт быў на лунныя жарты, — адным словам, усіх янкі ахапіла сапраўдная лунаманія.