Старонка:З пушкі на Луну.pdf/348

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выкапаць такія гіганцкія нізіны — рэч абсалютна немагчымая.

— Але-ж цяжар там у шэсць разоў меншы, чым на паверхні Зямлі, — засупярэчыў Мішэль.

— А ты забыў, што затое селеніты самі ў шэсць разоў меншыя за жыхароў Зямлі, — засупярэчыў Ніколь.

— Ды ці існуюць яшчэ гэтыя селеніты? — заўважыў Барбікен.

Словы прэзідэнта спынілі пачатыя спрэчкі. «Эратасфен» знік раней, чым снарад паспеў падыйсці да яго настолькі, каб можна было зрабіць больш дакладнае яго даследаванне. Гэта гара аддзяляла ланцуг «Апенін» ад «Карпатаў».

Падарожнікам удалося толькі мільком глянуць на верхавіны «Апенін».


РАЗДЗЕЛ ХІІІ

Лунныя ландшафты

А палове трэцяй раніцы снарад быў ужо на ўзроўні трыццатай паралелі паўночнай шыраты; толькі тысяча кілометраў аддзяляла яго ад Луны, а ў аптычных інструментах гэтая адлегласць здавалася меншай дзесяці. Дакрануцца да якой-небудзь кропкі луннага дыска па-ранейшаму здавалася немагчымым. Для Барбікена была незразумелай гэта адносна павольная скорасць руху. На такой невялікай адлегласці ад Луны трэба было чакаць скорасці значна большай, каб снарад не падаў на Луну, падпарадкуючыся яе прыцяжэнню. Прычына гэтай з’явы заставалася пакуль невядомай. Ды і часу лішняга не было для якіх-бы там ні было выведаў. Падарожнікі цалкам