Старонка:З пушкі на Луну.pdf/346

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цаці кілометраў у шырыню, а па даўжыні займалі нязмерныя прасторы.

Падарожнікі гаварылі аб паходжанні гэтых праменняў, але для іх, таксама як і для зямных назіральнікаў, прычына гэтай дзіўнай з’явы заставалася нерастлумачанай.

— А чаму-ж не дапусціць, што гэта зусім не праменні, а адгор’і, здольныя ярчэй адсвечваць сонечнае святло? — запытаў Ніколь.

— Не, — засупярэчыў Барбікен, — калі-б сапраўды было так, як ты гаворыш, то гэтыя адгор’і пры некаторым палажэнні Луны адносна Сонца адкідалі-б цень, чаго ў сапраўднасці няма.

І сапраўды, светлыя палосы з’яўляліся толькі ў той час, калі Сонца стаяла прама супроць Луны; пры ўскосных-жа праменнях святла яны знікалі.

— Няўжо не прыдумалі яшчэ тлумачэння для гэтых светлавых палос? — спытаў Мішэль. — Я не дапускаю, каб вучоныя маглі раптам вычарпаць тлумачэнні.

— Так, — адказваў Барбікен. — Гершэль выказаў сваю думку аб гэтым, але не выдае яе за праўду.

— Няма патрэбы. У чым-жа заключаецца яго думка?

— Ён дапускаў, што светлавыя палосы не што іншае, як патокі застыглай лавы, якія ззяюць у той час, калі Сонца кідае свае праменні прама на іх. Гэта, бадай, магчыма, але ручацца за правільнасць такога тлумачэння нельга. Аднак, калі мы падыйдзем бліжэй да гары «Ціхо», то, можа, нам і ўдасца знайсці прычыну гэтага бляску.

— А ці ведаеце, сябры, на што падобна гэта раўніна, калі глядзець на яе з вышыні, на якой мы цяпер знаходзімся? — спытаў Мішэль.

— Не ведаю, — адказаў Ніколь.