Старонка:З пушкі на Луну.pdf/337

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РАЗДЗЕЛ ХІ

Лунныя моры

— Ці бачылі вы калі-небудзь Луну? — з іроніяй запытаў нейкі прафесар у аднаго з сваіх студэнтаў.

— Не, — адказаў той з яшчэ большай іроніяй, — але павінен прызнацца, што тое-сёе чуў пра яе.

Не памыляючыся, можна сказаць, што велізарная большасць нават падлуннага свету магла-б даць такі забаўны адказ. І сапраўды, колькі нам даводзіцца чуць пра Луну, а бачыць яе — амаль ніколі ніхто не бачыў… у падзорную трубу ці тэлескоп! Рэдка каму з нас даводзілася нават кінуць вокам на карту нашага спадарожніка!

Пры першым-жа позірку на лунную карту вас перш за ўсё здзіўляе адна асаблівасць. Мацерыкі Луны, у процілегласць размяшчэнню мацерыкоў на Зямлі і на Марсе, згрупаваны галоўным чынам у паўднёвым паўшар’і. Абрысы іх не прадстаўляюць сабой тых пэўных, рэзкіх ліній, якімі агранічана, напрыклад, Паўднёвая Амерыка, Афрыка і Індыйскі поўвостраў. Вуглаватыя і дзівосна зрэзаныя берагі маюць мноства заліваў і поўастравоў. Яны нагадваюць архіпелаг Зондскіх астравоў, дзе зямля падзяляецца на бясконцы лік частак. І калі існавала калі-небудзь мора на Луне, то плаваць па ім, пэўна можна сказаць, было вельмі небяспечна.

Да ліку асаблівасцей Луны належыць і тое, што паўднёвы полюс яе куды багацейшы мацерыкамі, чым паўночны. На паўночным полюсе існуе толькі невялікая група зямель, аддзеленых ад іншых мацерыкоў вялікімі морамі; на поўдні амаль усё паўшар’е пакрыта няроўнасцямі.

Усюды ясна відаць горныя ланцугі, асобныя