Старонка:З пушкі на Луну.pdf/332

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Але-ж яно не дакранулася да нас! — адказаў Мішэль.

— Гэта яшчэ нічога не азначае. Маса яго ў параўнанні з нашым снарадам вялікая, і яго прыцяжэння было дастаткова, каб змяніць наш шлях.

— Але гэта нязначны ўплыў! — засупярэчыў Ніколь.

— Які ён нязначны, — адказаў прэзідэнт, — на адлегласці трохсот тысяч кілометраў даволі і такога, каб нам не папасці на Луну!


РАЗДЗЕЛ Х

Назіранні

Барбікен, відавочна, знайшоў адзіную колькі-небудзь магчымую прычыну адхілення. Якой ні малой яна здавалася, усё-ж толькі яна адна пацягнула за сабою адхіленне снарада ад належнага напрамку. Але якія-ж адсюль вынікі? Смелая спроба павінна была закончыцца няўдачаю зусім выпадкова, і калі зноў не здарыцца чаго-небудь незвычайнага са снарадам, то ўжо дасягнуць Луны не будзе ніякай магчымасці.

Ці праляцяць яны, прынамсі, у такой ад яго адлегласці, каб вырашыць некаторыя навуковыя пытанні, нікім яшчэ не вырашаныя? Вось што галоўным чынам займала нашых падарожнікаў цяпер. Аб сваім будучым яны і думаць не хацелі. А між тым і над гэтым, варта было падумаць: што з імі будзе сярод бязмежных пустынь, калі не стане паветра, неабходнага для падтрымання жыцця? Яшчэ якіх-небудзь некалькі дзён — і яны задыхнуцца ў снарадзе, які нёсся цяпер у невядомае. Але гэтыя некалькі дзён здава-