Старонка:З пушкі на Луну.pdf/331

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прадаўжалі назіранні. Усе рэльефы зямнога спадарожніка зліваліся пры яркім блеску сонечных праменняў.

Так глядзелі яны на Луну праз бакавыя адтуліны да васьмі гадзін вечара. Луна павялічылася да таго, што засланіла сабою палавіну нябеснай сферы. Сонца — з аднаго боку, Луна — з другога — залівалі ўвесь снарад святлом.

У гэты час Барбікен, па розных меркаваннях, заключыў, што не больш 3 000 кілометраў аддзяляюць снарад ад Луны.

Ён не пераставаў шукаць вырашэння сваёй задачы. Цэлыя гадзіны праходзілі безрэзультатна. Снарад яўна набліжаўся да Луны, але было відавочна і тое, што ён да яе не даляціць. Адлегласць, на якой снарад праляціць міма Луны, будзе залежыць ад супольнага дзеяння сіл, якімі абумоўліваўся рух снарада.

— Толькі аднаго хачу, — паўтараў Мішэль: — падыйсці так блізка да яе, каб разгледзець усе яе тайны!

— Я праклінаю прычыну, якая прымусіла наш снарад збочыць са шляху! — усклікнуў Ніколь з абурэннем.

— Я праклінаю, — засупярэчыў Барбікен, нібы здзіўлены нейкай думкаю, — праклінаю той балід, які мы сустрэлі на шляху!

— Што? — перапытаў Ардан.

— Што вы хочаце гэтым сказаць? — усклікнуў Ніколь.

— Хачу сказаць, — казаў далей Барбікен пераканаўчым тонам, — што нашым адхіленнем мы абавязаны выключна сустрэчы з гэтым блукаючым целам.