Старонка:З пушкі на Луну.pdf/327

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Такое палажэнне снарада было далёка неспрыяльным.

— Ці даляцім мы яшчэ да Луны? — запытаў Ніколь.

— Будзем дзейнічаць так, як быццам-бы мы абавязкова даляцім да яе, — адказаў Барбікен.

— Вы трусы, больш нічога, — засупярэчыў Ардан. — Зразумела, мы даляцім, і нават куды хутчэй, чым нам гэтага хочацца.

Гэты смелы адказ прымусіў Барбікена зноў узяцца за работу, і ён заняўся расстаноўкай прыстасаванняў, прызначаных для запаволення падзення ядра.

Неабходна ўспомніць ранейшую думку Ніколя аб немінучай няўдачы стрэлу калумбіяды. Між іншым, Ніколь тады сцвярджаў, што пры ўдары аб Луну снарад разаб’ецца, як шкло, а Ардан яму супярэчыў, што ён затрымае падзенне ядра пры дапамозе ракет, належным чынам размешчаных.

І сапраўды, ракеты, маючы пунктам апоры дно ядра і вылятаючы вонкі, павінны выклікаць зваротны рух снарада і тым да некаторай ступені запаволіць скорасць яго падзення. Праўда, ракеты павінны цяпер гарэць у беспаветранай прасторы, але кісларода для іх хапіла-б, таму што ён ёсць у пораху.

Барбікен пры ад’ездзе размясціў ракеты ў маленькіх з нарэзамі стальных цыліндрах, якія, у сваю чаргу, маглі быць прывінчаны да дна снарада. Унутры яны ляжалі роўна з дном, а звонку выпіралі з снарада на некалькі дзесяткаў сантыметраў. Іх было цэлых два дзесяткі. Адтуліна, зробленая ў дыску, давала магчымасць запаліць кнаты ў кожным цыліндры. Усё дзеянне іх павінна было адбывацца за сценкамі снарада.