Старонка:З пушкі на Луну.pdf/325

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РАЗДЗЕЛ ІХ

Вынікі адхілення

Барбікен больш не трывожыўся: калі невядомы быў яшчэ канчатковы вынік падарожжа, то, прынамсі, у сіле, з якой выкінуты быў снарад, нельга было сумнявацца. Захаваная скорасць снарада здольна была закінуць яго за нейтральны пункт. Значыцца, назад упасці на Зямлю снарад не мог. Не мог ён і павіснуць у пункце роўнага прыцяжэння двух планет у нерухомым стане. Заставалася здзейсніцца яшчэ толькі аднаму меркаванню — снарад павінен дасягнуць сваёй мэты пад уплывам луннага прыцяжэння.

Такім чынам, снарад павінен быў падаць з вышыні каля 37 тысяч кілометраў на планету, прыцяжэнне якой, праўда, слабейшае за зямное. Тым не менш пагражала вялікая небяспека, і супроць яе неабходна было зараз-жа прымаць меры.

Гэтыя патрэбныя перасцярогі былі двух родаў: па-першае, неабходна было аслабіць удар у момант судакранання снарада з Луной; па-другое, загадзя трэба было аслабіць хуткасць падзення і, такім чынам, зрабіць яго вынікі менш руйнуючымі.

Барбікен вельмі шкадаваў, што для аслаблення гэтага ўдару не мог скарыстаць тых сродкаў, якія з поспехам былі ўжыты для аслаблення ўдару пры вылеце з калумбіяды, г. зн. вады, якая замяніла сабою спружыну, і разбіўных перагародак. Хаця перагародкі яшчэ захаваліся, але вады было мала, бо нельга было выкарыстаць той запас, які захоўваўся на выпадак, калі-б падарожнікі ў першыя дні свайго прабывання на Луне не знай-