Старонка:З пушкі на Луну.pdf/324

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— І на Сонцы ты быў-бы ліліпутам: прыцяжэнне на ім у дваццаць сем разоў сільнейшае, чым на нашым шары. Прыняўшы гэта пад увагу, выходзіць, што тамашнія жыхары павінны быць прынамсі ростам метраў у пяцьдзесят.

— Тысячу д’яблаў! — закрычаў Мішэль. — Значыцца, я сам быў-бы там пігмеем, малюткай?

— Гуліверам у гасцях у веліканаў, — сказаў Ніколь.

— Іменна так! — засупярэчыў Барбікен.

— Тады ўжо нялішне было-б узяць з сабою для абароны некалькі артылерыйскіх гармат.

— Ну, гэта, бадай, дарэмна! — сказаў Барбікен. — Ядры твае на Сонцы не мелі-б ніякай сілы; яны маглі-б ляцець усяго некалькі метраў.

— Чаму?

— А вельмі проста! На гэтым велізарным целе прыцяжэнне такое сільнае, што не дасць ядру далёка заляцець, а прымусіць яго хутка знізіцца. Май на ўвазе, што прадмет, які важыць на Зямлі 70 кілограмаў, на паверхні Сонца важыць 1930 кілограмаў. Твой капялюш, напрыклад, важыў-бы восем кілограмаў, цыгара — чвэрць кілограма. Нарэшце, калі-б ты сам упаў на сонечны мацярык, то твая вага была-б каля 2 500 кілограмаў, г. зн. такая вялікая, што ты не мог-бы крануцца з месца без старонняй дапамогі!

— Чорт вазьмі! — ускрыкнуў Мішэль. — Значыцца, там заўсёды трэба было-б насіць у кішэні пад’ёмную машыну? Ну, мілыя сябры, на першы раз задаволімся Луной. Там, па крайнасці, мы будзем велічнымі персонамі! А пасля ўжо мы пабачым, ці варта накіроўвацца на Сонца, дзе патрэбна пад’ёмная машына нават для таго, каб паднесці шклянку да рота.