Старонка:З пушкі на Луну.pdf/323

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Але супакойся Мішэль! Калі не існуе планеты, з якой былі-б выгнаны законы прыцяжэння, то хутка ты наведаеш такую планету, на якой гэта прыцяжэнне непараўнальна меншае за зямное.

— Гэта на Луне?

— Так, на Луне. Усе прадметы на ёй важаць у шэсць разоў менш, чым на Зямлі.

— І мы зможам пераканацца ў гэтым?

— Зразумела, таму што сто нашых кілограмаў на паверхні Луны важаць толькі каля шаснаццаці.

— А сіла нашых мускулаў там не стане меншай?

— Ніколькі. І калі ты напружыш сілу, неабходную для таго, каб падакочыць на метр ад зямлі, то на Луне, пры такой-жа сіле, ты падскочыш на цэлых шэсць метраў.

— Мы, значыцца, на Луне будзем сапраўднымі геркулесамі! — закрычаў Мішэль.

— Гэта тым больш магчыма, — сказаў Ніколь, — што калі рост селенітаў прапарцыянальны масе іх планеты, то яны будуць здавацца нам проста карлікамі, ростам каля трэці метра.

— Ліліпуты! — ускрыкнуў Мішэль. — Вось тады я буду іграць роль Гулівера! Мы здзейснім байку аб веліканах! Гэта, слова гонару, вельмі важная выгада: пакінуць сваю планету і вандраваць па сонечнаму свету!

— Не вельмі спяшайся! — засупярэчыў Барбікен. — Калі ўжо табе абавязкова хочацца быць Гуліверам, я параіў-бы табе наведваць толькі такія планеты, як Меркурый і Марс, маса якіх меншая за масу Зямлі. А на такіх вялікіх планетах, як Юпітэр, Сатурн, Уран, ролі змяніліся-б: там ты сам быў-бы толькі ліліпутам.

— А на Сонцы?