Старонка:З пушкі на Луну.pdf/322

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

здольныя кожнага здзівіць. Поўны захаплення Ардан рабіў з усяго гэтага самыя фантастычныя заключэнні.

— О, мілыя сябры, — выкрыкваў ён, — які прагрэс адбыўся-б на зямным шары, калі-б магчыма было якім-небудзь чынам пазбавіцца ад цяжару, ад гэтага цяжкага ланцуга, якім мы прыкаваны да Зямлі! Гэта — тое самае, што палоннаму стаць вольным чалавекам… Ніякай стомленасці — ні рук, ні ног.

— Так, — заўважыў Ніколь, смеючыся, — калі-б можна было дайсці да таго, каб знішчыць цяжар таксама лёгка, як знішчыць боль прывядзеннем хворага да непрытомнасці, то многа чаго змянілася-б у нашым жыцці!

— Знішчым цяжар! — крычаў Мішэль з узрастаючым захапленнем. — Тады не трэба будзе ніякіх пад’ёмных машын, таму што не было-б чаго ім падымаць.

— Добра сказана, — заўважыў Барбікен, — але калі-б нішто не мела вагі, то нішто-б само па сабе не трымалася: ні трымаўся-б капялюш на тваёй галаве, мілы Мішэль, не ўстаяў-бы і твой дом на месцы, таму што яго каменне толькі і трымаецца сваім цяжарам! Не існавала-б лодак, якія трымаюцца на вадзе толькі сілаю зямнога прыцяжэння. Не было-б нават і акіяна, вада якога трымаецца ў роўнавазе толькі сілаю цягацення! Урэшце, ад нас адышла-б і сама атмасфера, таму што яе частачкі, нічым больш не стрымліваемыя, рассеяліся-б у бязмежнай прасторы…

— Ну, гэта ўжо, разумеецца, прыкра, — сказаў Мішэль. — Што значыць практычныя людзі: куды ні зайдзі, зараз выведуць цябе на ранейшую дарогу.