Старонка:З пушкі на Луну.pdf/320

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

палажэнне ў прасторы. Аднак, жывёліна, здавалася, не здагадвалася, што плавае ў паветры.

Самі падарожнікі, здзіўленыя, уражаныя, не гледзячы на ўсе свае мудрыя разважанні, адчувалі, што целу іх нехапае вагі. Калі яны працягвалі рукі, — рукі не апускаліся самі. Галовы няпэўна матляліся на плячах. Ногі не прыцягваліся к падлозе снарада. Гэта быў стан п’яных людзей, якія пачынаюць адчуваць, што трацяць устойлівасць.

Мішэль раптам падскочыў і, адлучыўшыся на некаторую адлегласць ад дна снарада, павіс у паветры. У адзін момант абодва яго прыяцелі далучыліся да яго, і ў цэнтры снарада ўтварылася дзіўная карціна.

— Ці мысліма ўсё гэта? Ці праўдападобна гэта? Ці магчыма гэта? — крычаў здзіўлены Мішэль. — Не! Але, аднак, як бачыце, сапраўды гэта ёсць!..

— На гэту карціну нядоўга прыдзецца любавацца, — адказаў Барбікен. — Як толькі снарад пяройдзе за нейтральны пункт, зараз-жа пачне дзейнічаць луннае прыцяжэнне, і мы будзем падаць на Луну.

— Тады мы, значыць, будзем прахаджвацца па верху снарада дагары нагамі? — запытаў Мішэль.

— Не, гэтага не будзе, — адказаў Барбікен, — таму што снарад, цэнтр цяжару якога ляжыць параўнальна нізка, пачне пакрыху паварочвацца дном да Луны.

— Значыць, і ўся наша гаспадарка перавернецца ўверх дном: вось табе і на!

— Супакойся, мілы, — сказаў Ніколь. — Баяцца няма чаго. Ні адзін прадмет не кранецца з месца, таму што снарад павернецца зусім непрыкметна.