Старонка:З пушкі на Луну.pdf/311

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

людзьмі, калі яны ўжо не разумнейшыя за нас, і… арганізаваць у іх рэспубліку!

— Ды яшчэ пытанне, ці ёсць на свеце гэтыя селеніты? — засупярэчыў Ніколь, у якога пад уплывам незразумелага ап’янення з’явіўся новы незвычайны задор.

— Хто асмеліўся сказаць, што няма селенітаў? — шалёна закрычаў Мішэль.

— Я! — адказаў Ніколь.

— Капітан! Не спрабуй паўтараць гэтай дзёрзкасці — а не дык я заткну тваю глотку.

Праціўнікі гатовы былі кінуцца адзін на аднаго, і гэта недарэчная спрэчка закончылася-б бойкай, калі-б Барбікен не кінуўся іх разнімаць.

— Стойце, няшчасныя! — крыкнуў ён, разнімаючы іх. — Калі там няма селенітаў, мы абыйдземся і без іх…

— Так, — ускрыкнуў Мішэль, які ўжо зусім забыў пра ўсе свае ранейшыя разважанні, — мы і без іх можам абыйсціся. І што нам селеніты?.. Далоў селенітаў!

— Нам патрэбна толькі Луна! — закрычаў Ніколь.

— Мы ўтраіх арганізуем рэспубліку!

— Я буду кангрэсам! — лемантаваў Мішэль.

— А я сенатам! — гарланіў Ніколь.

— А Барбікен прэзідэнтам! — рыкаў Мішэль.

— Не павінна быць ніякага прэзідэнта, не абранага народам! — крыкнуў Барбікен.

— Прэзідэнт будзе абірацца кангрэсам, — загаласіў Мішэль, — а паколькі я сам кангрэс, то я аднагалосна выбіраю цябе прэзідэнтам!

— Ура! ура! ура прэзідэнту Барбікену! — крычаў Ніколь.

— Гіп! гіп! гіп! — рыкаў Мішэль Ардан.