Старонка:З пушкі на Луну.pdf/309

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мастона! Але мне здаецца, што калі мы не вернемся на Зямлю, Мастон здольны з’явіцца на Луну, каб нас наведаць.

— Так, ён пойдзе, — сказаў Барбікен, — ён паважаны і храбры чалавек. Ды і што яму перашкодзіць гэта зрабіць? Хіба калумбіяда ўцячэ з Фларыды? Хіба можа аказацца недастача ў баваўнянай паперы і ў азотнай кіслаце для вырабу піраксіліна? Хіба Луна не пройдзе зноў цераз зеніт Фларыды? Хіба праз восемнаццаць гадоў не зойме яна таго-ж палажэння, якое займае цяпер.

— О, вядома, — уторыў Мішэль, — вядома, Мастон з’явіцца да нас, а з ім і нашы прыяцелі, усе члены Пушачнага клуба… А ўжо як мы іх сустрэнем! А там установяцца правільныя рэйсы снарадаў між Луной і Зямлёй. Ура Мастону!

Калі высокашаноўны Мастон і не мог пачуць гэтых «ура», выгукваемых у гонар яго, то ўсё-ж можна было ручацца, што ў яго звінела ў вушах. Што ён рабіў у гэты час? Без сумнення, стаяў на Скалістых гарах, у абсерваторыі Лонгспіка, і стараўся знайсці снарад калумбіяды ў бязмежнай прасторы. Калі ён думаў у гэтую хвіліну аб сваіх любых таварышах, то трэба прызнацца, што і яны не заставаліся вінаватымі перад ім і, пад уплывам нейкай асобай прычыны, прысвячалі яму лепшыя свае думкі.

Але што гэта за ажыўленне, якое з кожнай хвілінай узрастала ў пасажыраў снарада? Твары іх пачырванелі, нібы яны сядзелі, не адыходзячы, некалькі гадзін супроць гарачай печы; дыханне паскорылася, лёгкія дзейнічалі, як кавальскія мяхі, вочы незвычайна блішчэлі, галасы сталі нейкімі дзіўнымі гукамі; падарожнікі не гаварылі, а стралялі словамі: кожны гук вылятаў, як пробка з бу-