Старонка:З пушкі на Луну.pdf/302

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

захапіла нашых падарожнікаў, што яны ні аб чым больш і не гаварылі ўвесь вечар. Трывога іх павялічвалася разам з набліжэннем да мэты. Яны чакалі чагосьці незвычайнага, чакалі новых з’яў і былі ў такім настроі, што нішто не магло-б іх здзівіць. Думкі іх далёка адляцелі ад снарада, скорасць якога ўжо значна аслабла, непрыкметна для саміх пасажыраў. Луна з кожнай хвілінай усё павялічвалася перад іх вачыма: часам здавалася, што дастаткова працягнуць руку, каб зачапіць за яе…

На другі дзень, 5 снежня, з пяці гадзін раніцы ўсе ўтраіх былі на нагах. Калі вылічэнні былі правільныя, то ў гэты дзень павінна было закончыцца падарожжа, самае дзіўнае і незвычайнае з усіх, якія толькі бывалі ў даўнейшыя і новыя часы. Так, іменна ў гэты дзень, роўна а поўначы, у самы момант поўніка, яны павінны былі сустрэцца з бліскучым дыскам Луны. З самай раніцы глядзелі яны ў вокны, асветленыя яркімі праменнямі начнога свяціла, і віталі яго радаснымі воклічамі:

— Ура!

Луна велічна рухалася па зорнаму небу; яшчэ некалькі градусаў — і яна апыніцца іменна ў тым пункце, дзе павінна адбыцца сустрэча. Барбікен гаварыў, што снарад упадзе ў паўночным паўшар’і, дзе паўсюды відаць былі прасторныя раўніны і толькі зрэдку трапляліся горы. Гэтыя акалічнасці былі надзвычай важныя, бо кісларод луннай атмасферы, як меркавалі, павінен быў сабрацца ў далінах і цяснінах.

— Раўніна больш выгадна для нашай пасадкі, чым гара, — заўважыў Ардан. — Жыхар Луны, якога высадзілі-б у Еўропе на Манблане