Старонка:З пушкі на Луну.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

драматычнай трупы аб’явіў у сваім балтыморскім рэпертуары спектакль шэкспіраўскай камедыі «Многа шуму з-за глупства». Насельніцтва Балтыморы заўважыла ў гэтым злосны намёк на праект Барбікена, уварвалася ў тэатр, пабіла люстры і лаўкі і прымусіла небараку антрэпрэнёра знішчыць афішы. Антрэпрэнёр, як чалавек вельмі разумны, адразу ўступіў народнай волі, а на другі дзень аб’явіў аб пастаноўцы другой шэкспіраўскай п’есы: «Як вам угодна!» Балтыморская публіка прышла ў захапленне, і некалькі тыдняў падрад дасціпны антрэпрэнёр меў нечуваныя зборы.


РАЗДЗЕЛ IV

Адказ Кембрыджскай абсерваторыі

Бурныя авацыі не ўскружылі галаву Барбікену. Каб не траціць ні хвіліны для магчыма хутчэйшага выканання свайго праекта, ён на другі дзень сабраў сваіх бліжэйшых сачленаў на экстранае паседжанне Бюро Пушачнага клуба.

На гэтым паседжанні вырашана было спачатку запрасіць водзывы астраномаў адносна астранамічнага боку справы і пасля іх адказаў дакладна абмеркаваць тэхнічны бок справы — пытанні абсталявання пушкі і яе снарада.

Адразу-ж склалі запіску з пералікам спецыяльна астранамічных пытанняў, якую накіравалі ў абсерваторыю горада Кембрыджа, у штат Масачузетс.

У гэтым горадзе быў некалі заснаваны першы ў Амерыцы універсітэт, і ён славіўся сваёй абсерваторыяй. У ёй працавалі самыя заслужаныя вучоныя Паўночнай Амерыкі; у ёй-жа знаходзіцца славутая труба, якая дазволіла Бонду «вырашыць ту-