Старонка:З пушкі на Луну.pdf/290

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэтых дужых і цярплівых жывёлін! На няшчасце, прырода іх пакрыўдзіла: іх, бедных, б’юць не толькі жывых, але нават і пасля смерці…

— Як гэта так?

— Ды з асліных скур вырабляюць барабаны.

Гэта глыбокамысная заўвага Мішэля выклікала вясёлы смех яго прыяцеляў. Але раптоўны роспачлівы крык дасціпніка адразу спыніў іх. Ардан хутка глянуў у будку Спутніка і, устаючы, сказаў.

— Сябры мае, Спутнік ужо не хворы!

— Цудоўна, — сказаў Ніколь.

— Не, — казаў далей Мішэль, — Спутнік зусім не хворы, але, — дадаў ён з сумным выглядам, — ён памёр!

Няшчасны Спутнік сапраўды не перанёс сваёй раны. Ён здох — у гэтым нельга было сумнявацца.

Мішэль Ардан устрывожана глядзеў на сваіх прыяцеляў.

— Цяпер належыць вырашыць новае пытанне, — сказаў Барбікен. — Мы не можам трымаць у снарадзе гэтага сабаку…

— Зразумела, не можам, — адказаў Ніколь, — але ў нас вокны на шарнірах, іх лёгка можна адчыняць; мы адчынім адно якое-небудзь, і няхай наш Спутнік гуляе па бязмежнай прасторы.

— Мы так і зробім, — сказаў прэзідэнт пасля некалькіх хвілін развагі, — але пры гэтай аперацыі неабходна захаваць розныя перасцярогі.

— Якія-ж, іменна? — з цікаўнасцю запытаў Мішэль.

— Бачыш: па-першае, трэба зрабіць усё гэта як мага хутчэй, каб не выпусціць шмат паветра з нашага ядра.

— Мы-ж аднаўляем паветра!