Старонка:З пушкі на Луну.pdf/289

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Мілы дружа, — адказаў Барбікен, — можа, табе вядома, што вада пакрывае пяць шостых паверхні зямнога шара. Спадзяюся, лёгка таму ўявіць, што калі такі снарад і быў выпушчаны насельнікамі Луны, то ён спачывае цяпер на дне Атлантычнага ці Ціхага акіяна, а можа нават папаў у якую-небудзь трэшчыну ў той час, калі зямная кара яшчэ не паспела зацвярдзець.

— Што значыць вучоны чалавек, — сказаў Мішэль, — на ўсё ў яго знойдуцца самыя станоўчыя адказы; я проста пракланяюся перад тваёю мудрасцю, найласкавейшы Барбікен.

Ён не паспеў закончыць, як Дыяна галосным гаўканнем уступіла ў гутарку; яна, відавочна, таксама была не ад таго, каб пад’есці.

— Вось табе на! — усклікнуў Мішэль, — мы так захапіліся гутаркаю аб будучым, што зусім забылі пра Дыяну і Спутніка.

І Мішэль умомант згатовіў з рэшткаў снедання поліўку, на якую Дыяна накінулася з вялікім апетытам. Але Спутнік з будкі не вышаў.

— А ведаеш што, Барбікен, — сказаў Мішэль, — дарэмна мы не ўзялі з сабою па пары ўсіх хатніх жывёлін.

— Гэта-то так, — адказаў прэзідэнт, — але ў нас нехапіла-б месца.

— Годзе! — засупярэчыў Мішэль, — варта-б толькі крыху пацясніцца!

— Гэта было-б тым больш дасціпна, — заўважыў Ніколь, — што бык, карова і конь на Луне былі-б для нас вельмі карыснымі. На няшчасце, у гэтым вагоне дзіўна зрабіць нешта накшталт стайні ці хлева.

— Прынамсі, — сказаў Мішэль, — можна было ўзяць хаця-б маленькага осліка. Як я люблю