Старонка:З пушкі на Луну.pdf/283

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ой! усклікнуў Мішэль Ардан. — Здаецца зразумеў, але галава зараз трэсне…

— А каб атрымаць шукаемую скорасць, — дадаў Ніколь, — застаецца зрабіць вылічэнні.

І ён, як чалавек, што добра ведае справу, пачаў гэтыя вылічэнні з незвычайнай хуткасцю: дзяленне і множанне вырасталі ў яго з-пад карандаша куды ні глянеш, усюды лічбы і лічбы — ён спісаў імі цэлую старонку. Барбікен пільна сачыў за ім, а Мішэль у той-жа час намагаў усе сілы, каб перамагчы галаўны боль.

— Што-ж? — запытаў прэзідэнт пасля некаторага маўчання.

— Гатова, — адказаў Ніколь. — Для таго каб ядро магло даляцець да таго нейтральнага пункта, дзе ўроўнаважваюцца прыцяжэнні Зямлі і Луны, скорасць яго пры выхадзе з атмасферы павінна была раўняцца…

— Чаму? — заклапочана запытаў Барбікен.

— Адзінаццаці тысячам пяцідзесяці аднаму метру.

— Як? — ускрыкнуў Барбікен. — Колькі вы сказалі?

— Адзінаццаць тысяч пяцьдзесят адзін метр, — паўтарыў капітан.

— Тысячу д’яблаў! — прароў Барбікен з жэстам роспачы.

— Што з табою, дарагі? — запытаў Мішэль Ардан, да крайнасці здзіўлены такім воклічам з вуснаў Барбікена.

— Што са мною? Калі скорасць ад трэння змяншаецца на адну трэць, то трэба, каб першапачатковая скорасць была…

— Шаснаццаць тысяч пяцьсот семдзесят шэсць метраў! — адказаў Ніколь.