Старонка:З пушкі на Луну.pdf/281

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ну, гэта вышэй за маё разуменне, — засупярэчыў Мішэль.

— Але гэта так проста! — усклікнуў Барбікен.

— Проста, ды не для мяне! — адказаў Мішэль.

— Інакш кажучы, калі мы вышлі за межы атмасферы, наша пачатковая скорасць зменшылася на адну трэць.

— Чаму так многа?

— Ды, мілы мой, ад супраціўлення паветра: трэнне аб паветра, разумееш? Ты-ж згодзен, што чым ядро рухаецца хутчэй, тым большае супраціўленне аказвае яму атмасфера.

— Гэта зразумела, — сказаў Мішэль, — я з табою згодзен, але ўсе гэтыя V нулявыя і V нулявыя ў квадраце адскокваюць ад маёй невучонай галавы, як ад сцяны гарох…

— Пачакай, мілы сказаў Барбікен, — мы ў гэту формулу ўставім лікавыя значэнні, адпаведныя кожнай літары.

— Добра, рабіце, што хочаце!.. — з самаадданасцю сказаў Мішэль.

— У гэтай формуле, — казаў далей Барбікен, — ёсць велічыні вядомыя, а ёсць і такія, якія прыдзецца яшчэ вылічыць.

— Гэтым я займуся, — дадаў Ніколь.

— Па-першае, r — уяўляе сабой зямны радыус, велічыня якога, на месцы нашага вылету, Фларыдзе, раўняецца 6 370 000 метрам; d — адлегласць між цэнтрамі Зямлі і Луны, роўная 56 радыусам Зямлі, значыць…

— Значыць перабіў Ніколь, які ўжо справіўся вылічыць, — гэта самая адлегласць будзе 356 000 000 метраў у той час, калі Луна ў перыгеі, г. зн. на бліжэйшай ад Зямлі адлегласці.

— Правільна! — пацвердзіў Барбікен. — Далей: