Старонка:З пушкі на Луну.pdf/278

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І, сказаўшы гэта, ён яшчэ раз пракукарэкаў з такім эфектам, што любы певень мог-бы яму пазайздросціць.

Амерыканцы гучна засмяяліся.

— Незвычайны талент, — сказаў Ніколь, скоса паглядаючы на ўяўнага пеўня.

— Так, — адказаў Мішэль, — гэта зусім па-нашаму! У нас нават у лепшай кампаніі часам кукарэкаюць.

Затым, жадаючы перавесці гутарку на іншую тэму, ён сказаў:

— А ведаеш, Барбікен, што мне мярэшчылася ўсю гэту ноч?

— Не. А што?

— Я думаў усё пра нашых кембрыджскіх прыяцеляў. Ты, вядома, ужо заўважыў, што я абсалютна слабы ў матэматыцы. І вось — я ніяк не магу сабе ўявіць, як вучоныя з абсерваторыі вылічылі скорасць, якую трэба надаць снараду, каб ён мог даляцець да Луны.

— Гэта значыць не да Луны, — перабіў Барбікен, а да таго месца ў прасторы, дзе зямное і луннае прыцяжэнні аднолькавыя, таму што ўжо з таго месца, якое знаходзіцца амаль на дзевяці дзесятых усёй адлегласці, ядро паляціць на Луну само сабою з прычыны ўласнага цяжару.

— Ну так, — сказаў Мішэль, — але скажы, як яны вылічылі гэту скорасць.

— Гэта зусім не так цяжка, як ты думаеш.

— А ты змог-бы зрабіць гэтае вылічэнне?

— Зразумела. Мы з Ніколем вылічылі-б і самі, калі-б іншым не прышло ў галаву пазбавіць нас ад гэтай працы.

— А мне здаецца, што я хутчэй аддаў-бы га-