Старонка:З пушкі на Луну.pdf/271

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тага малога свету, да той самай хвіліны, пакуль не станем селенітамі.

— Амаль праз 88 гадзін, — сказаў Ніколь.

— Гэта значыць? — перапытаў Мішэль Ардан.

— Гэта значыць цяпер палова дзевятай, — адказаў Ніколь.

— Палова дзевятай? Я не ведаю, чаму мы не снедаем.

Сапраўды, страўнік жыхароў новай планеты даволі настойліва патрабаваў належнага падмацавання.

Мішэль Ардан, у якасці француза, назваў сябе кухарам і галоўным распарадчыкам па харчовай часці. Гэту ганаровую пасаду яму ахвотна даручылі таварышы.

Газ даў неабходнае цяпло, а ў скрынцы з харчамі знайшлося ўсё неабходнае для першай закускі ў міжпланетнай прасторы.

Спачатку былі паданы тры кубкі смачнага бульёна, які згатавалі з сухіх плітак. За бульёнам падалі біфштэкс, такі сакавіты і далікатны, як быццам яго толькі што згатавалі на парыжскай кухні.

Мішэль, які меў празмернае выабражэнне, запэўняў нават, што біфштэкс гэты «з крывёю».

За мясам былі паданы кансервы з гародніны — «свяжэй свежых», паводле запэўнівання Ардана, і, нарэшце, снеданне закончылася выдатнейшым чаем з тартынкамі, прыгатаванымі на амерыканскі манер. Для заканчэння банкета Ардан дастаў бутэльку выдатнейшага бургонскага, якая «выпадкова» трапіла ў скрынку з запасамі. Само Сонца выбліснула, нібы жадаючы асвятліць гэты скромны банкет.