Старонка:З пушкі на Луну.pdf/270

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Зямля ўжо прадстаўлялася ім цяпер у выглядзе попельнага круга, які аблямоўваўся яшчэ больш вузкім сярпом, чым напярэдадні; але ў параўнанні з Луной, якая станавілася ўсё большым і большым кругам, размер сярпа ўсё яшчэ здаваўся вялізным.

— Якая шкода, што мы не вылецелі ў хвіліну поўназямелля, г. зн. калі наш зямны шар быў якраз супроць сонца, — сказаў Ардан.

— Чаму шкода? — запытаў Ніколь.

— Ды мы-б тады ўбачылі ўсе нашы моры і сухазем’і ў новым выглядзе. Моры бліскалі-б, адлюстроўвалі сонечныя праменні, а сухазем’і цямнелі-б так, як іх малююць на некаторых геаграфічных картах. Мне хацелася-б бачыць іменна тыя часткі Зямлі, якіх яшчэ ніколі не бачыў чалавек.

— Зразумела, гэта цікава! — сказаў Барбікен. — Але калі-б Зямля была «поўная», то Луна знаходзілася-б у перыядзе маладзіка. Іншымі словамі, яе не было-б відаць у сонечных праменнях. Я мяркую, што для нас выгадней бачыць тую мэту, да якой мы імкнемся, чым тую кропку, ад якой мы ляцім.

— Ваша праўда, Барбікен, — адказаў Ніколь. — К таму-ж, заўважце, што калі мы даляцім да Луны, то за доўгія лунныя ночы ўдостач наглядзімся на гэты зямны шар, дзе капашацца нашы блізкія.

— Нашы блізкія! — сказаў Мішэль Ардан. — Яны цяпер такія-ж нам блізкія, як селеніты. Мы цяпер, мілы дружа, жывём у асобым свеце, які заселен толькі намі — у снарадзе. Я — блізкі Барбікена, а Баркібен — блізкі Ніколя. Над намі і за намі чалавецтва канчаецца; мы — адзінае насельніцтва гэ-